УМО́ЎНАЕ АСУДЖЭ́ННЕ,

адна з мер крымінальна-прававога ўздзеяння, прадугледжаная крымінальным правам Рэспублікі Беларусь. Калі пры назначэнні пакарання асобе, якая ўпершыню асуджаецца за злачынства да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў або да накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць, суд з улікам характару і ступені грамадскай небяспечнасці ўчыненага і асобы вінаватага, інш. акалічнасцей справы прыйдзе да пераканання, што мэты крымін. адказнасці могуць быць дасягнуты без адбыцця назначанага пакарання праз ажыццяўленне кантролю за паводзінамі асуджанага, ён можа пастанавіць аб умоўным непрымяненні назначанага пакарання з абавязковым указаннем у прыгаворы матываў прынятага рашэння. У гэтым выпадку суд пастанаўляе не прыводзіць у выкананне назначанае пакаранне, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну асуджаны не ўчыніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязацельствы. Выпрабавальны тэрмін назначаецца ад 1 да 3 гадоў. Калі ўмоўна асуджаны ў перыяд адтэрміноўкі не даказаў свайго імкнення выправіцца ці ўчыніў новае злачынства, ён можа быць накіраваны для адбыцця назначанага пакарання з улікам пакарання за новае злачынства.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)